10 студзеня 2019
«Аўстрыя змянiла маё жыццё», — прызнаецца Аліна Ўнучко. Падчас вучобы ў БДУ яна выйграла стыпендыю, каб семестр павучыцца ў аўстрыйскім універсітэце. Тады і пачаўся яе старт у новае жыццё, поўнае ўражанняў. Цяпер, вярнуўшыся ў Беларусь, Аліна будуе грандыёзныя планы, якія дакладна спраўдзяцца. А пакуль пагутарым з ёй пра тое, чым беларуская сістэма адукацыі адрозніваецца ад аўстрыйскай, дзеля чаго туды варта ехаць, якiя дакументы неабходна рыхтаваць.
— Як ты даведалася пра стыпендыю? Як яе атрымала?
— Пра стыпендыяльную праграму я даведалася на сайце БДУ. Ёй займаўся Інстытут нямецкіх даследванняў. Падумала, што будзе велізарны конкурс, але вырашыла паспрабаваць. Стыпендыю прапанавалі студэнтам БДУ ўсіх спецыяльнасцей, з другога па пяты курс навучання.
— Якія дакументы трэба было падрыхтаваць?
— Аўтабiяграфiю ў таблічным выглядзе з фотаздымкам, яе ўзор можна спампаваць на сайце «Over Pass» ці надрукаваць самому. Запаўняць усе дакументы неабходна, вядома, на ангельскай ці нямецкай мове. Абавязкова падрыхтаваць матывацыйны ліст. У ім варта адлюстраваць свае канрэтныя планы і пазначыць абраную спецыяльнасць у аўстрыйскім універсітэце, падобную да той, што вы вывучаеце ў БДУ. Падкажу: лепш за ўсё ў лісце апісаць ваша адрозненне ад іншых студэнтаў. Прадставіць распрацоўку праекта, курсавой працы — тое, што можа вас вылучыць! Гэта значыць, паказаць, што вы едзеце ва ўніверсітэт з канкрэтнымі планамі. Атрымаеце рэкамендацыйны ліст ад выкладчыка, лепш зрабіць яго ў анкетнай форме. Таксама павінен быць моўнай сертыфікат, «TestDаF» ці TOEFL, якія пацвярджае ваш «B2». І напрыканцы — самыя «хуткія» дакументы: завераная па месцы вучобы акадэмічная даведка з перакладам, копія школьнага атэстата і пашпарта. Добры бал атэстата дае пэўны плюс пры адборы.
— Як лічыш, чаму ў цябе атрымалася?
— Конкурс праходзіў у тры этапы. Першы — падача дакументаў, другі — сумоўе. Адказ на пытанне «Чаму я хачу?» іграе важную ролю падчас інтэрв’ю. Я рабіла акцэнты на вывучэнні спецыяльнасці — інфармацыйнага мэнэджменту. Трэці этап — адпраўка дакументаў ва ўніверсітэт па электроннай пошце.
— У цябе ўсё склалася. Ты паехала вучыцца ў Аўстрыю. Ці моцна адрозніваюцца заняткі ва Ўніверістэце Клагенфурта ад БДУшных? Як яны пабудаваны заняткі?
— Заняткi вельмі адрозніваюцца ад нашых. У аўстрыйскім універсітэце няма фіксаванага плану і раскладу, як у нас: кожны студэнт можа сам выбраць тыя прадметы, якія яму патрэбны.
— Якія адносіны складваюцца паміж выкладчыкам і студэнтам?
— Выкладчыкі паводзяць сябе свабодна: сесці на парту, пажартаваць — у гэтым няма нічога страшнага. Аўтарытарнага «я — выкладчык, а вы ўсяго толькі студэнты» — такога дакладна не сустрэнеш! У іх адна мэта: дапамагчы студэнтам, а не запалохаць.
— Якое стаўленне да студэнтаў па абмене?
— Нам было крыху складана, таму што ў Клагенфурце размаўляюць на дыялекце нямецкай мовы. Зразумець адразу вельмі складана. Інфармацыя даходзіць, але не вельмі хутка.
— Якія правы ў студэнтаў ВНУ?
— Галоўнае, няма жорсткіх межаў. Мне спадабалася, што любы падчас перапынку студэнт можа разам з выкладчыкам выпіць кавы, абмеркаваць навучальныя моманты, пагутарыць.
— Ці цяжка было адаптавацца?
— Першыя два месяцы складана прывыкнуць да аўстрыйскаму акцэнту, але праблем з гутарковай нямецкай у мяне не было. Іншая справа ангельская, яе я ведаю горш. Калі вы ведаеце ангельскую — гэта ваша перавага. Яшчэ трошкі вывучыла чэшскай, дзякуючы суседцы па інтэрнаце. Яна прыехала ў Аўстрыю з Чэхіі. Вось так і вывучала!
— Якія спецыяльнасці ва ўніверсітэце вельмі папулярныя?
— Універсітэт прапануе розныя курсы навучання. Але эканамічная сфера асноўная: эканоміка прадпрыемстваў, турызму і гэтак далей.
— Дзеля чаго туды едуць студэнты?
— Клагенфурт — гэта выдатны горад, які змяніў маё жыццё. Пасля навучання я зразумела, чаго жадаю ў жыцці. Я пазнаёмілася з выдатнымі хлопцамі і дзяўчатамі з розных краін свету, падняла ўзровень мовы, навучылася ствараць сайты. Але ёсць мінус: ездзіла ў зімовы перыяд, былі моцныя дажджы, таму бярыце парасоны.
— Што было самым складаным у навучанні? А што давалася на раз-два?
— Рызыкнула ўзяць статыстыку на нямецкай мове і вельмі пашкадавала. Яна складалася з лічбаў і разлікаў, а матэматыка на замежнай мове — гэта складана! Затое лёгка даваўся курс ангельскай. Па жаданні прапаноўвалі гішпанскую і польскія мовы.
— Што гэтыя складанасці дапамаглі табе зразумець?
— Перад паступленнем я не ведала, што мне трэба, але арыентавалася на тое, што люблю. Раю гэта рабіць абітурыентам. Напішыце дзесяць пунктаў, што вы любіце рабіць, і знайдзіце лагічную сувязь. Гэта сапраўды павінна дапамагчы!
— Як змянiлася кола тваіх інтарэсаў пасля вяртання?
— Калі я вучылася тут, пастаянна думала, як з’ехаць за мяжу, калі казаць шчыра. Я прыехала ў Клагенфурт — і маё жыццё цалкам змянілася. І гэтыя думкі некуды зніклі. Зносіны з іншымі людзьмі, іншае светаўспрыманне — гэта змяніла мяне.
— Што вы параіце студэнтам, якія будуць спрабаваць паступаць у аўстрыйскі ўніверсітэт?
— Магу сказаць адно: Аўстрыя — дарагая краіна. Калі вы плануеце паступаць за свой кошт, то ўлічвайце аплату інтэрната, харчавання, самой адукацыі. Ёсць студэнты, якія не могуць дазволіць сабе аплаціць праграму. Тады паспрабуйце выйграць яе, трошкі назапасіць грошай. І заўсёды думайце пра альтэрнатыву паступленню, і тады ўсё атрымаецца!
— А сяброў там знайшла адразу?
— Знайсці сяброў у Аўстрыі? Лёгка! Ва ўніверсітэце арганізуюць шмат вечарын спецыяльна для студэнтаў па абмене. Само знаёмства праходзіць на ангельскай мове, а потым пасля абмену кантактамі можна і на нямецкую перайсці. На выходных усе дружна збіраліся і ехалі ў Вену, дзе яшчэ больш знаёміліся і разумелі адзін аднаго.
— Некаторыя стэрэатыпы разбурыліся?
— Шчыра кажучы, думала, што ўніверсітэт і краіна ў цэлым непрыязна паставіцца да беларусаў, але памылілася. Адносіліся да мяне вельмі пазітыўна.
— Як універсітэт развівае здольнасці-таленты студэнтаў?
— Я памятаю конкурс, на якім студэнты прадстаўлялі сваю краіну. Рабілі ўсё: ад танцаў да нацыянальнай кухні. Гэтыя конкурсы класныя! Паглядзець чэшскі нацыянальны танец у жывую, убачыць яго тонкасці — гэта крута!
— Што вам больш за ўсё спадабалася?
— Інтэрнат і кругласуткавая бібліятэка. Інтэрнат добраўпарадкаваны на высокім узроўні: кухня, пакой, тэлевізар. Па жаданні, студэнт можа жыць адзін. Асабістае прастора — добра, але зносіны лепш! Я жыла з дзяўчынкай з Чэхіі. Мне вельмі пашанцавала, яна апынулася прыязнай і пазітыўнай. Некаторым, праўда, шанцавала менш: даходзіла да канфліктаў. Сапраўдны скарб для студэнтаў — кругласуткавая бібліятэка. Прыхапі каву — і на цэлую ноч у бібліятэку!
— Пра што ты зараз марыш?
— Цяпер я вучуся на пятым курсе, таму пакуль мару яго скончыць, паступіць у магістратуру. Магчыма, за мяжу. Хацелася знайсці стыпендыю, але калі я тут ўладкуюся на добрую працу, то магістратура пачакае.
— На што табе пакуль не хапае смеласці?
— Не смеласці, а зацятасці мне не хапае! Дзякуючы праграме смеласці я набралася. Калі выйграла стыпендыю, адчула рэўны гонар, таму што конкурс быў вялікі, шмат годных кандыдатаў, і, нягледзячы на гэта, у мяне атрымалася.
— Што для цябе можа стаць добрым завяршэннем дня?
— Калі ўсе запланаваныя мэты і планы выкананы напоўніцу! А самае галоўнае, калі душа напоўнена пазітывам.
Спасылкі
edit- Мы – каманда аднадумцаў, для якіх адукацыя – стыль жыцця: «Адукацыя - стыль жыцця» (Creative Commons License)
Крыніцы
editTemplate:Wn/be/Арыгінальны рэпартаж
{{Wn/be/Каментарыі:Template:Wn/be/PAGENAME}}